11 (1)

ФК «Асіповічы» пачаў новы сезон у першай лізе. Што вядома пра каманду і пры чым тут «КраСава»?

Спорт
06 апр 2023

Заняўшыя перадапошняе месца ў 2022 «Асіповічы» працягнулі свой шлях у другім дывізіёне краіны. Матч 1 тура чэмпіянату прайшоў 1 красавіка у Лідзе, дзе асіповіцкі клуб саступіў з лікам 1:4. Даведаліся, што яшчэ вядома пра «Асіповічы» ў 2023-м.


Стартавы матч: выйшлі наперад, а потым прапусцілі чатыры


Гасцявая гульня скончылася для «Асіповічаў» даволі буйнай паразай, пры гэтым на пачатку ўсё было больш цікава і перспектыўна. На 8 хвіліне асіпаўчанін Яўгеній Елезаранка паспяхова рэалізаваў пенальці, але яшчэ ў першым тайме «Ліда» за дзве хвіліны (27' і 29') здолела зраўняць лік і нават выйсці наперад.

У другой палове «Асіповічы» атрымалі падарунак – на 59 хвіліне за другую жоўтую картку быў выдалены футбаліст «Ліды» Павел Шорац. Але скарыстацца перавагай не атрымалася, гаспадары ўдзесяцерых павялічылі лік на 79 хвіліне (дублем адзначыўся Ілля Баглай), а на 82-й паставілі кропку чацвёртым голам у браму «Асіповічаў». Пры гэтым госці таксама страцілі аднаго гульца з-за выдалення – на 82 хвіліне Арцём Перапечка атрымаў другое папярэджанне і пакінуў поле.


Новы галоўны трэнер


На пачатку сакавіка клуб аб'явіў, што каманду ўзначаліў 37-гадовы Ягор Дзмітрачкоў. Да яго ўвесь мінулы сезон футбалістамі кіраваў на той момант 23-гадовы Ілля Навіцкі.

Паводле інфармацыі прэс-службы «Асіповічаў», у якасці футбаліста Дзмітрачкоў выступаў за «Мінск», «Сквіч», «Баранавічы», «Смаргонь», «Хімік» (Светлагорск), «Колас-Дружбу» (п. Гарадзішча) і «Нёман-Агра» (Стоўбцы).

Трэнерскую кар'еру пачаў у 2017 годзе: кіраваў «Уздой» у другой лізе (2018-2019), затым стаў трэнерам акадэміі салігорскага «Шахцёра», узначальваў юнацкую каманду клуба з гульцоў 2004-2005 г.н. і каманду 2015 г.н.



Пасля першай афіцыйнай гульні Ягор Дзмітрачкоў так пракаментаваў падрыхтоўку і становішча каманды:

– Сабраліся на пачатку лютага, што даволі позна, плюс гэта новая каманда. Пры правільным падыходзе на поўнае станаўленне калектыва патрэбна каля 5-6 месяцаў. Мы не фарсіруем падзеі, планава рыхтуемся і ранні пачатак чэмпіянату ніяк не паўплываў на працэс нашай падрыхтоўкі. Цяпер мы толькі засвоілі асноўныя прынцыпы ў абароне і пабудове атакі і зараз будзем працаваць над сваімі памылкамі і імкнуцца ўстараняць іх, – казаў галоўны трэнер «Асіповічаў».


Вяртанне легенды

У ФК «Асіповічы» пасля 6-гадовага перапынку вярнуўся Аляксандр Кончыц (на фота справа), які стаяў ля вытокаў клуба і 23 гады (1994-2016) кіраваў ім у якасці дырэктара і трэнера. У 2017-2020 гадах Кончыц працаваў у «Слуцку» з вышэйшай лігі ў якасці памочніка галоўнага трэнера і выконваючага абавязкі галоўнага трэнера (2020).

У 2021 годзе ўзначаліў Асіповіцкую ДЮСШ, а зараз паралельна ўваходзіць у трэнерскі штаб мясцовай каманды, дзе дапамагае Дзмітрачкову.


У каманду прыйшоў футбаліст з праекту вядомага блогера «КраСава»


«Асіповічы» заявілі 19-гадовага брамніка Сямёна Баброва, які ў 2022 годзе выступаў за каманду «Красава» ў расійскай ФНЛ-2. Клуб адметны вялізарнай медыйнасцю за кошт былога футбаліста і вядомага блогера Яўгенія Савіна (больш за 1 млн падпісчыкаў на Youtube), які стварыў гэты праект. Пры гэтым сезон 2021/22 стаў для каманды апошнім у Расіі, а Баброў якраз выходзіў у стартавым складзе ў апошніх матчах – пасля гэтага клуб пераехаў на Кіпр.



Але ў «Красаве» Баброў не быў асноўным брамнікам: большую частку гульняў (15) ён правёў у запасе, выйшаў на поле ў 4 афіцыйных матчах ФНЛ (161 хвіліна) + 1 гульні Кубка Расіі (16 хвілін), прапусціў 5 галоў. У «Асіповічах» футбаліст таксама пачаў з лаўкі запасных: ролю асноўнага кіпера выконвае Арсеній Кудзін.


33% складу – асіпаўчане

У гэтым годзе ў камандзе з'явілася некалькі новых маладых гульцоў, якія пачыналі трэніравацца ў мясцовай ДЮСШ, а пасля траплялі ў акадэміі розных клубаў з Беларусі. Гэта Максім Жордачкін (2004), Максім Марчанка (2004) і Нікіта Следзь (2005). Кожнаму з іх далі магчымасць дэбютаваць за «Асіповічы» ў гульні з «Лідай».

Максім Марчанка

Таксама ў клуб вярнуўся малады брамнік Яўгеній Юрын (2004), які ў 2020-2021 гадах ўжо быў у заяўке «Асіповічаў», а пасля гуляў за БДУ, «Маладзечна» і некаторы час прапусціў з-за траўмы.

Што тычыцца асіпаўчан у камандзе ўвогуле, то акрамя вышэйназваных гульцоў за «Асіповічы» выступаюць браты-блізняты Аляксандр і Андрэй Емельянавы (1995), Яўгеній Елезаранка (1993) і Максім Азараў (2001).

Андрэй Емельянаў

Такім чынам, за клуб у гэтым сезоне заяўлена 8 мясцовых футбалістаў. Усяго ў заяўке іх 24, то бок 33% складу – асіпаўчане.


Што ўвогуле сабой уяўляе 1 ліга?


У гэтым сезоне ў Д2 гуляе 17 каманд. Па выніках 26 тураў дзве лепшыя напрамую трапяць у вышэйшую лігу, 3 месца згуляе ў стыкавых матчах з 14 камандай Д1. Апошняя каманда табліцы будзе вымушана сысці ў другую лігу.

Поўны спіс удзельнікаў:

  • «Макслайн» (Віцебск)

  • «Арсенал» (Дзяржынск)

  • «Бумпрам» (Гомель)

  • «Ліда»

  • «Днепр» (Магілёў)

  • «Баранавічы»

  • «Лакаматыў» (Гомель)

  • «Маладзечна-2018»

  • «Хваля» (Пінск)

  • «Жодзіна-Паўднёвае»

  • «Віцебск»

  • «Астравец»

  • «Орша»

  • «Асіповічы»

  • «Шахцёр» (Петрыкаў)

  • «Ніва» (Даўбізна)

  • «Слонім-2017»

Фота ў матэрыяле: Яўгеній Давідовіч, ФК «Красава»

Чытайце навіны Асіповічаў у нашым тэлеграм-канале:

Падпішыцеся на тэлеграм-канал пра Асіповічы:

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!

Добавить новость
Гарантируем полную анонимность