Фотавыстава Яны Корбаль пад назвай «Падарожжа з водарам перцу. Цудоўная Індыя» пачнецца 28 красавіка ў 14:00 у Асіповіцкім РЦК.
Асіпаўчанка распавяла, чаму вельмі жадала наведаць гэтую краіну і як індыйцы рэагавалі на тое, што яна іх здымала:
– Пра падарожжа ў Індыю я марыла даўно, з часам гэта стала неадчэпнай думкай, насланнем. Я размаўляла з мноствам вандроўнікаў, якія ў адзін голас распавядалі, якая Індыя незвычайная: па-свойму прыгожая, каляровая, шматрэлігійная, з мноствам цікавых для турыста месцаў.
Індыя — густанаселеная краіна, а мне заўсёды хацелася паспрабаваць пачуццё поўнага зліцця з навакольным асяроддзем і людзьмі. Калі ты знаходзішся ў суцэльным патоку натоўпу, то не можаш успрымаць сябе як асобнага чалавека, асобную адзінку. Гэткае асаблівае яднанне, ментальная асаблівасць індыйцаў і прыцягвала. Было цікава на свае вочы ўбачыць і сусветна вядомы кантраст раскошы хмарачосаў і галечы трушчобаў, палюбавацца раскошай індыйскіх храмаў самых розных веравызнанняў.
Індыя проста створана дзеля таго, каб рабіць файныя стрыт-фотаздымкі. Прычым індыйцы вельмі пазітыўна рэагуюць на просьбу сфатаграфаваць іх. Нават атрымлівалася рабіць крыху пастановачныя кадры. Глыбока запала ў душу, што людзі часам самі прасілі зрабіць некалькі здымкаў з імі. Безумоўна, такія адносіны натхняюць шукаць новыя вобразы і кадры, паляпшаць якасць сваіх прац.
Ёсць у індыйскай серыі і здымкі, якія падабаюцца больш за іншыя: выявы месца, дзе здымаўся фільм «Мільянер з трушчоб», усмешкі дзяўчынак, мужчына з сабакам, якія глядзяць у адзін бок. Самыя выразныя і яскравыя працы атрымаліся ў Мумбаі і Варанасі.
Фота: Яна Корбаль
Падпішыцеся на