У Асіповічах прайшлі інтэрактыўныя заняткі па беларускай літаратуры з удзелам Юрыя Жыгамонта
15 лютага ў чатырох школах Асіповічаў і Асіповіцкага раёну прайшлі спецыяльныя інтэрактыўныя ўрокі ў рамках праекту «Чытаем па-беларуску з velcom». Да вучняў 2-3 класаў завітаў беларускі акцёр і тэлевядучы Юры Жыгамонт, вядомы па тэлеперадачы «Падарожжы дылетанта». Osipinfo.by завітаў у гімназію, каб сваімі вачамі ўбачыць незвычайныя заняткі.
Як адзначаюць арганізатары, такія ўрокі – гэта сацыяльна-адукацыйная ініцыятыва, якая праводзіцца з мэтай развіць цікавасць школьнікаў 2-3 класаў да беларускай мовы і літаратуры. Праект, які існуе з 2015 года, рэалізуе кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У лютым і сакавіку ўрокі будуць праходзіць у 25 школах Магілёўскай вобласці. Асіповіцкія вучні сталі аднімі з першых у рэгіёне, хто ўзяў удзел у гэтым праекце.
Акрамя гімназіі, заняткі прайшлі ў школе №1, а таксама ў Дараганаўскай і Свіслацкай школах. Асаблівасцю такіх урокаў з’яўляецца тое, што іх праводзяць незвычайныя настаўнікі – вядомыя дзеячы культуры, спорту, тэатральнага мастацтва Беларусі. Вось і ў Асіповічах заняткі правёў аўтар перадачы «Падарожжы дылетанта» Юры Жыгамонт.
Вядомага тэлевядучага малыя вучні гімназіі сустрэлі ў актавай зале ў 9 гадзін. Урок пачаўся з чытання госцем беларускіх вершаў і пытанняў аб беларускіх паэтах. Штосьці хлопчыкі і дзяўчынкі ведалі самі, штосьці ім падказвалі настаўніцы, якія таксама прысутнічалі на мерапрыемстве. Таксама Жыгамонт пазнаёміў аўдыторыю з журналам «Вясёлка» і з надрукаванымі там вершамі.
Далей дзяцей чакалі загадкі, гульні і конкурсы. Калі зайшла размова аб калядках, адна з вучаніц нават выйшла к мікрафону і прачытала тое, што ведала, але ж на рускай мове.
Юры Жыгамонт таксама распавёў і пра беларускія творы, прачытаў некалькі ўрыўкаў з жаданнем перадаць сваё захапленне аўдыторыі. Скончылася мерапрыемства сумесным фота і добрымі пажаданнямі.
Перад тым, як «дылетант» пакрочыў далей, мы задалі яму некалькі пытанняў.
— Як лічыце, у якім стане зараз знаходзіцца беларуская мова?
— Канешне, зараз тэлебачанне, радыё аказваюць расейскамоўны ўплыў. Гэта не тое, як калісьцi па вёсках людзі самі жылі, размаўлялі, і так беларуская мова захоўвалася. Я б не сказаў, што зараз стан вельмі файны, але па-ціхеньку ён выпраўляецца.
— За кошт чаго?
— За кошт нас з вамі. Мы размаўляем па-беларуску і гэта вельмі добра. Зараз у школах дабавіліся гадзіны беларускай мовы, нядаўна Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з Іосіфам Сярэдзічам (галоўным рэдактарам «Народнай волі» – заўвага аўтара). Гэтыя пытанні паціху вырашаюцца.
— Аўдыторыя праекту асаблівая – вучні 2–3 класаў. Чаму менавіта яны? Вы неяк рыхтаваліся, звярталіся за парадай да педагогаў?
— Не, дзеткі – гэта той пачатак, тая крыніца, з якой выбягае рэчка. Таму што тут рыхтавацца? Тое, што на сэрцы ляжыць, тое і кажаш дзеткам. Так і размаўляеш з імі, глядзіш, на што рэагуюць. Вось паслухалі яны зараз мову беларускую, вершы на беларускай мове, і ў іх, я лічу, пав??нна нешта застацца. Дай бог, каб гэта засталося ў іхняй душы, і яны неслі з сабой гэта далей па жыцці. Менавіта з дзяцей і трэба гэта пачынаць.
— Акрамя ўдзелу ў гэтым праекце, чым Вы зараз займаецеся?
— Зараз «Падарожжы дылетанта» выходзяць на TUT.BY. То бок я займаюсь гісторыяй, культурай. Езжу па беларускіх вёсках і распавядаю пра гэта: пра гісторыю, пра нашы асаблівасці, помнікі, знакамітых людзей, якія нарадзіліся і выраслі ў гэтых мясцінах. У тэатры я ўжо болей за пяць год не працую.
— Вы бачылі шмат вёсак. На Ваш погляд, у якім яны стане? Ці не паміраюць?
— Вёска на вёску непадобная. Ёсць вельмі файная, якая развіваецца. А ёсць і такая, якая цяжка сябе адчувае, таму што і далёка ад горада, і народ з’язджае – горад паглынае. Дзесьці і наадварот – Андрусь Горват з’ехаў у вёску і заклікае ўсіх вяртацца. Беларускі мастак Алесь Пушкін таксама жыве ў вёсцы, і дзеці яго там гадуюцца. Сустракаю яго і пытаюся: перабіраешся? Не хоча перабірацца. Таму я б не сказаў, што скрозь аднолькава.
Не па закону бога, не па закону прыроды, каб зямля бур’янам зарастала. Прыйдзе час – яна засееца, усё будзе нармальна, усё будзе квітнець. Проста ў кожнай краіны і ў кожнага народу ёсць розныя перыяды жыцця. І Беларусь таксама праходзіць праз гэта.
— Вы казалі, што марыце жыць у вёсцы...
— Беларусы калісьці казалі, што шчаслівы той чалавек, хто ў маленстве бачыў палі і лясы, і бачыў іх перад смерцю ў старасці. Дык вось я б хацеў таксама бачыць тыя лясы перад сваёй смерцю ў старасці, якія бачыў маленькім. Хацеў бы на сваёй радзіме (нарадзіўся ў вёсцы Дзямідаў на Палессі – заўвага аўтара) і быць пахаваным.
Даведка
Ініцыятыва «Чытаем па-беларуску з velcom» стартавала ў Мінску ў кастрычніку 2015 года. Праект арыентаваны на вучняў малодшых класаў. Да цяперашняга моманту ў займальных занятках на беларускай мове прынялі ўдзел каля 14000 школьнікаў. Арганізатары разлічваюць, што да канца бягучага навучальнага года праект ахопіць 150 школ і колькасць удзельнікаў павялічыцца да 20000 вучняў.Матэрыял падрыхтаваў Павел Астравух
похоже приехал велком а не Жыгамонт!!!!ну как интересно мне школа допустила рекламную компанию???школа получает деньги?за то что ученики на фото с проспектами?)))а с ними поделились??
Это не рекламная, а пиар кампания. КСО - корпоративная социальная ответственность, которая предусматривает, что бизнес может участвовать в общественной жизни. Школа допустила возможность интересного мероприятия с участием известного гостя, и упоминание оператора как организатора вполне уместно.