Асіпаўчанку судзілі за крадзёж 400 рублёў на прадпрыемстве
52-гадовая жыхарка Асіповічаў правяла па дакументах працу, якая не была выканана, а грошы па дамове падраду атрымаў яе муж. Пра гэта паведаміла абласная пракуратура.
Жанчына часова выконвала абавязкі дырэктара мясцовага аграпрадпрыемства і дала ўказанне падначаленаму скласці дамову падраду з яе мужам.
Па паперах мужчына нібыта выканаў аднаўленчыя працы прагону і загону для выпасу буйной рагатай жывёлы – але па факце гэтага не адбылося. Пры гэтым асіпаўчанка асабіста перадала дамову ў бухгалтэрыю для налічэння звыш 400 BYN.
Падчас папярэдняга расследавання жанчына добраахвотна кампенсавала прадпрыемству шкоду, а на судзе поўнасцю прызнала віну.
Ёй далі штраф у 30 базавых (1110 BYN) і на 2 гады пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.