Падлетак з Асіповічаў апынуўся ў судзе за здзек над 12-гадовым рыбаком. Вось чым скончылася паседжанне
16-гадовага асіпаўчаніна, навучэнца мясцовага каледжа, прыгаварылі да года «хатняй хіміі» за здзек з 12-гадовага хлопчыка ў чэрвені 2022 года. Пра гэта паведаміў сайт minsknews са спасылкай на Следчы камітэт.
Фота размешчана ў якасці ілюстрацыі. Крыніца: pixabay.com
Вядома, што двое падлеткаў адпачывалі на вадаёме ў вёсцы Вялікая Грава Асіповіцкага раёна, побач з імі рыбачыў 12-гадовы школьнік. Яны падышлі да яго, пасля чаго адзін з хлопцаў перакуліў вядро з рыбай, пачаў штурхаць і біць хлопчыка па галаве, а затым штурхнуў яго ў ваду. Другі здымаў гэта на відэа.
Пацярпелы расказаў пра здарэнне сваякам, тыя звярнуліся ў міліцыю. Ініцыятара канфлікту судзілі за злоснае хуліганства (да гэтага ён ужо быў асуджаны па такім самым артыкуле). 16-гадовага падлетка прыгаварылі да года абмежавання волі без накіравання на «хімію».
Чытайце навіны Асіповічаў у нашым тэлеграм-канале: